Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Імя яе стала легендай (Зоя Матусевіч, "Літаратура і мастацтва", 27.04.2024)

Імя яе стала легендай (Зоя Матусевіч, "Літаратура і мастацтва", 27.04.2024)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

Імя яе стала легендай

Дзень нараджэння прымадонны выпадае менавіта на 1 мая. І тое, што супадае з першамайскім святам, якое асацыіруецца з росквітам вясны і нейкім своеасаблівым узнёслым настроем, яшчэ з дзіцячых гадоў робіць яе па-асабліваму шчаслівай. 

14_16_silva_chigir_sergey-210

А сёння 85-я вясна народнай артысткі сведчыць аб яе яскравым творчым даўгалецці і аб высокіх дасягненнях, што ўжо сталі класікай жанру, у якім яна працуе, а ў больш шырокім маштабе — нацыянальным здабыткам, якім ганарыцца ўся краіна. 

Імя Наталлі Гайды значыцца не толькі ў беларускіх, расійскіх энцыклапедыях і ў такім міжнародным выданні, як "Кто есть кто. Деловой мир СНГ", але і ў сусветным выданні "Who is Who", куды ўвайшлі імёны ста знакамітых жанчын свету. Пералік ганаровых званняў, рэгалій і дзяржаўных узнагарод Наталлі Гайды заняў бы цэлую старонку. Ёсць сярод іх і расійскія, бо сваёй творчасцю артыстка звязвае Беларускі музычны тэатр з тэатрамі Расіі. І пацвярджэннем гэтаму служыць спецыяльная прэмія "ЛЕГЕНДА" Асацыяцыі музычных тэатраў Расіі. 

У біяграфіі Наталлі Віктараўны бягучы год азнаменаваны яшчэ адным важным юбілеем — 55-годдзем пражывання ў Беларусі. Як вядома, да гэтага яна з’яўлялася салісткай Свярдлоўскага опернага тэатра. І так атрымалася, што яе муж Юрый Бастрыкаў, які таксама быў салістам свярдлоўскай оперы, у 1969 годзе выйграў усесаюзны конкурс на барытона, абвешчаны Вялікім тэатрам Беларусі. 

Так сямейная пара аказалася ў Мінску.

Але салісткай беларускай оперы Наталля Гайда была нядоўга. У 1970 годзе ўрад рэспублікі выдаў Указ аб стварэнні Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР, і гэта акалічнасць аказалася вызначальнай у далейшым творчым лёсе артысткі. Нягледзячы на тое, што ў Свярдлоўскай кансерваторыі яна вучылася на аддзяленні оперных спеваў і шэсць гадоў праслужыла на опернай сцэне, упэўненасці ў тым, што гэта яе адзінае прызванне, усё ж не было... Спявачка разумела, што з яе высокім лёгкім сапрана ў оперы яна заўсёды будзе выконваць лірычныя і зрэдку лірыка-драматычныя партыі, а яе артыстычная натура імкнулася да сапраўднага драматызму. "Я заўсёды зайздросціла салісткам, якія маюць драматычнае сапрана, — прызнаецца Наталля Віктараўна. — Для такога голасу кампазітары пішуць вельмі выразныя вакальныя партыі, што дазваляе ствараць на сцэне моцныя і яркія вобразы. Таму ўвесь напал музычнай драматургіі ў оперы — не для маіх лірычных гераінь. Акрамя таго, мне хацелася на сцэне не толькі спяваць, але і танцаваць, і гаварыць, хацелася плакаць і смяяцца, адным словам — іграць, але ўсё гэта было магчыма толькі ў аперэце і музычнай камедыі". 

У Тэатр музкамедыі яна магла аформіцца пераводам з опернага, але вырашыла нараўне з іншымі прэтэндэнтамі ўдзельнічаць у праслухоўванні. 

"У камісіі сядзелі масцітыя спецыялісты і прызнаныя прадстаўнікі музычнага і тэатральнага мастацтва Беларусі, сярод якіх быў і вядомы кампазітар Юрый Семяняка. Мне хацелася, каб яны ўбачылі, што я валодаю не толькі вакалам, але і якасцямі, неабходнымі для жанру аперэты. Таму я выбрала дынамічныя нумары з двух разнапланавых спектакляў: спявала і танцавала "Карамбаліну" з "Фіялкі Манмартра" Кальмана і выконвала арыёза Тоні з "Белай акацыі" Дунаеўскага. Пасля праслухоўвання да мяне падышоў Юрый Уладзіміравіч Семяняка і сказаў: "Дзякуй вам за Дунаеўскага!.."" 

Наваствораны калектыў, не маючы свайго памяшкання (атрымаў яго толькі праз 10 гадоў), праводзіў рэпетыцыі на розных сцэнічных пляцоўках горада. Рыхтавалі тры разнапланавыя пастаноўкі: класічную аперэту, савецкую аперэту і беларускую музычную камедыю. Урачыстая цырымонія адкрыцця Тэатра музкамедыі адбылася 17 студзеня 1971 года ў памяшканні клуба імя Дзяржынскага з паказам гераічнай музычнай камедыі Юрыя Семянякі "Спявае "Жаваранак"". І галоўную ролю ў першым спектаклі новага тэатра выконвала Наталля Гайда. 

Гэта быў самабытны твор, у якім расказвалася аб барацьбе беларускіх партызан і падпольшчыкаў супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гераіняй Наталлі Гайды была падпольшчыца Ірына, яна ж — спявачка Ірэн, якая выступае ў нямецкім кабарэ. Вось што расказваў тады аб сваіх уражаннях Юрый Семяняка чытачам "ЛіМа": "Роля складаная і музычна, і ў сэнсе ўвасаблення вобраза. Роля драматычная. Тут для паспяховай працы адной "школы" малавата, тут павінна быць, як кажуць, "ад бога"... Якраз у той час многія мае сябры вялі гаворку наконт напісання музыкі да славутай Купалавай "Паўлінкі". I вось калі я ўбачыў Гайду-Ірыну, цвёрда вырашыў, што буду пiсаць "Паўлінку" i што Паўлінкай будзе Гайда". 

Новы тэатр знаёміў гледачоў яшчэ з двума спектаклямі, якія паспеў падрыхтаваць да свайго адкрыцця і ў якіх галоўныя ролі таксама выконвала Наталля Гайда. У савецкай аперэце "Вольны вецер" Дунаеўскага створаны ёю вобраз Стэлы быў сатканы з тонкага лірызму, які вельмі арганічна пераплятаўся з сілай духу і нават мужнасцю гэтай простай дзяўчыны, дачкі загінулага марака. А ў класічнай аперэце "Фіялка Манмартра" Кальмана, дзе паказвалася атмасфера жыцця парыжскай багемы, бляск і галеча розных саслоўяў, у вобразе Віялеты артыстка ўвасобіла ўсе самыя яркія рысы класічнай гераіні. 

Такім чынам, ужо з першых спектакляў новага тэатра Наталля Гайда гучна заявіла аб сабе не толькі як спявачка, але і як шматгранная актрыса. У жанры музкамедыі, сінтэтычным па сваёй прыродзе, яна атрымала дынаміку сцэнічнага дзеяння, якога ёй не хапала ў оперы, магчымасць большага самавыяўлення і ў той жа час прыўнесла ў яго моцныя якасці опернага мастацтва — высокую вакальную тэхніку, інтанацыйную чысціню, а таксама вобразна-эмацыянальную афарбоўку ў раскрыцці ўнутранага свету сваіх гераінь. Пры гэтым яна дэманстравала і спецыфічныя рысы жанру, што асабліва яскрава праяўлялася пры пераходзе ад дыялогу да спеваў і танца, а потым зноў да дыялогу без так званых аперэтачных швоў. 

Як ужо адзначалася, Юрый Семяняка наступную музычную камедыю пісаў з разлікам менавіта на Наталлю Гайду. Вядома, што спектакль "Паўлінка" з’яўляецца візіткай акадэмічнага драматычнага тэатра імя Янкі Купалы. 

І зразумела, што хрэстаматыйны вобраз самой Паўлінкі за дзесяцігоддзі сцэнічнага жыцця стаў акадэмічным. У гэтым і заключалася асноўная складанасць яго ўвасаблення на музычнай сцэне. 

Наталля Гайда ў першую чаргу павінна была ўнутрана спасцігнуць інтанацыйны строй незнаёмага ёй музычнага матэрыялу, наскрозь прасякнутага беларускім народным меласам. Адначасова ёй неабходна было авалодаць мелодыкай і інтанацыйным строем беларускай мовы. Зразумела, у гэтым артыстцы дапамагаў аўтар лібрэта "Паўлінкі" Алесь Бачыла. Але ж вельмі многае тут залежала і ад яе самой. "Прыехаўшы жыць і працаваць у сталіцу Беларусі, я адразу паставіла перад сабой задачу: напачатку я павінна калі не засвоіць, то хаця б разумець беларускую мову, — успамінае тыя далёкія гады Наталля Віктараўна. — Адразу ж пачала хадзіць у Купалаўскі тэатр, не раз глядзела там і "Паўлінку". І ці ж магла я тады падумаць, што праз некалькі гадоў сама буду выконваць галоўную ролю ў музычнай версіі гэтай п’есы. У разуменні і засваенні мовы мне вельмі дапамагала беларускае радыё, якое я прызвычаілася слухаць пастаянна. І, канешне, беларуская літаратура. Я з нейкім трапяткім пачуццём заходзіла ў "Кнігарню пісьменніка", дзе першай набыла кнігу Івана Шамякіна "Сэрца на далоні", і не ў перакладзе, а на мове арыгінала. Але самым каштоўным для мяне былі непасрэдныя кантакты з носьбітамі мовы — беларускімі пісьменнікамі, кола знаёмства з якімі паступова пашыралася".

Прэм’ера "Паўлінкі" адбылася ў 1973 годзе. Рэспубліканскія выданні аднадушна заявілі аб другім нараджэнні купалаўскага шэдэўра на падмостках музычнага тэатра. Гэтая роля прынесла Наталлі Гайдзе яе першае ганаровае званне — заслужанай артысткі БССР. Пазней для яе былі прадугледжаны ролі і ў наступных аперэтах Юрыя Семянякі — "Тыдзень вечнага кахання" і "Сцяпан — вялікі пан", а таксама ў музычнай камедыі Рыгора Суруса "Несцерка".

Зразумела, што рэпертуарная афіша тэатра ў асноўным была прадстаўлена класічнай аперэтай і савецкай музычнай камедыяй, і гледачамі Наталля Гайда ўспрымалася ў першую чаргу як каралева чардаша і зорка аперэты. 

І ў той жа час яна з вялікім задавальненнем удзельнічала ў спектаклях, якія пашыралі рамкі жанру, — у класічных і сучасных мюзіклах, асаблівую цікавасць з якіх уяўлялі творы беларускіх кампазітараў — Андрэя Мдзівані, Яўгена Глебава, Уладзіміра Кандрусевіча... 

Супрацоўніцтву з беларускімі аўтарамі Наталля Гайда заўсёды надавала асаблівае значэнне. І тут варта нагадаць яе шырокую канцэртную дзейнасць. "На працягу 70–80 гадоў я прымала ўдзел у шматлікіх выязных канцэртах, якія праходзілі літаральна па ўсёй Беларусі, прытым вельмі часта — на прадпрыемствах, — успамінае Наталля Віктараўна. — Звычайна арганізоўвалася невялічкая група, куды ўваходзілі прадстаўнікі ад Саюза кампазітараў і Саюза пісьменнікаў, якія працавалі ў песенным жанры, і я як выканаўца гэтых песень. Вельмі часта на такія канцэрты я выязджала разам з Юрыем Семянякам і Уладзімірам Буднікам, якія самі і акампаніравалі мне". Асабліва значным этапам сваёй творчай біяграфіі артыстка лічыць супрацоўніцтва з дырыжорам Барысам Райскім — кіраўніком канцэртна-эстраднага аркестра Беларускага тэлебачання і радыё. Пад яго кіраўніцтвам былі зроблены фондавыя запісы з яе аперэтачнага рэпертуару, музычнай камедыі "Паўлінка", а таксама мноства песень беларускіх кампазітараў: Юрыя Семянякі, Яўгена Глебава, Ігара Лучанка, Эдуарда Зарыцкага, Эдуарда Ханка. Дастаткова нагадаць такія з іх, як "Травы детства", "Белый парус", "Комсомольская площадь"... Але з усіх запісаў, зробленых з аркестрам Барыса Райскага, асабліва вылучаецца песня Яўгена Глебава "Дом мой, столица" на верш Уладзіміра Арлова, якую Наталля Гайда выконвала ў дуэце з Анатолем Падгайскім. 

А на тэатральных падмостках яна на працягу дзесяцігоддзяў заставалася ў амплуа гераіні. Так, у 1989 годзе адбылася прэм’ера аперэты Кальмана "Прынцэса цырка", галоўную ролю ў якой па-ранейшаму выконвала Наталля Гайда. "У першыя гады работы ў тэатры я лічыла, што адмоўлюся ад амплуа гераіні ў 40 гадоў, — расказвае Наталля Віктараўна, — але калі выйшаў гэты спектакль, мне было ўжо 50. Праз год я ўсё ж адмовілася ад гэтага амплуа ва ўсіх спектаклях, пакінуўшы за сабой толькі ролю Разалінды ў "Лятучай мышы", бо гэтая гераіня — замужняя жанчына, і таму яна неабавязкова павінна быць маладой. 

І ў гэтым вобразе я выходзіла на сцэну да 55 гадоў. Але адзначу, што ў такім узросце ўжо і нецікава іграць маладосць. Мне хацелася ствараць неардынарныя жаночыя вобразы, хацелася сутыкнення характараў і глыбокіх драматычных калізій..." 

Пераход на якасна іншы ўзровень творчасці аказаўся для Наталлі Гайды не балючым, як гэта часта здараецца з вядучымі салісткамі, а, наадварот, узбагаціў яе творчую палітру высокай прыкметай драматызму. У яе з’явіліся яркія характарныя ролі ў пастаноўках класічнага і сучаснага рэпертуару, і, што самае галоўнае, яна па-ранейшаму выходзіць на сцэну ў вобразе Жанчыны з вялікай літары. 

З усіх салістак, якія ў 1970 годзе разам з Наталляй Гайдай прыйшлі ў наваствораны тэатр, толькі яна адна так упэўнена і яскрава заявіла аб сабе на падмостках і толькі яна адна служыць тэатру па сёння. 

Зоя МАТУСЕВІЧ
"Літаратура і мастацтва". - 2024. - 27 крас.
Фота Сяргея ЧЫГІРА



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: